Беларускім журналістам адмовіліся паказаць цэнтры бежанцаў у Польшчы

Беларускія журналісты пры садзейнічанні “Цэнтра падтрымкі бежанцаў” у Беларусі наведалі Берасце, Бялу Падляску і Варшаву ў межах прэс-туру. Напачатку адбыўся варштат для журналістаў у Берасці. Там размаўлялі пра становішча з бежанцамі ў Беларусі і пра псіхалагічныя выклікі для імігрантаў. Потым былі запланаваныя візіты ў Прыёмны цэнтр бежанцаў у Бялай Падлясцы ды ў цэнтральны Прыёмны пункт бежанцаў у Дэмбаку-Падкове Лесьнай пад Варшавай. Але, у апошні момант, журналістам паведамілі, што там іх прыняць не змогуць.

Па словах намесніка дырэктара “Цэнтра падтрымкі бежанцаў” ў Беларусі, Андруся Клікунова, ён не чакаў таго, што гэтыя польскія ўстановы адмовяцца ад сустрэчы з журналістамі па нейкіх надуманых прычынах.

— Мы своечасова зрабілі запыт, за тыдзень, каб нам далі магчымасць трапіць у асяродак па прыёме замежнікаў, якія хочуць атрымаць статус уцекача ў Польшчы. Мы даслалі паводле адпаведнага ўзору з просьбай, з указаннем канкрэтных людзей, якія хацелі трапіць у асяродак, паглядзець, у якіх умовах яны знаходзяцца, запытаць у адміністрацыі, як яны інтэгруюцца ў польскае грамадства і так далей. Перш за ўсё нас цікавілі транзітныя мігранты з Чачэніі. На вялікі жаль, за адзін дзень да паездкі нам прыйшла адмова. Я лічу, што гэта грубае парушэнне свабоды слова і не можа не выклікаць здзіўлення і заклапочанасці, бо, відаць, асяродку ёсць што хаваць.

І хоць беларусам не давялося наведаць установы ўтрымання бежанцаў, з самімі бежанцамі яны змаглі паразмаўляць на мерапрыемстве чачэнскай дыяспары ў Варшаве. Ён быў прысвечаны Дню пераселеных народаў.

Паводле адной з арганізатараў мерапрыемства, валанцёра Марыны Хулія, 23 і 27 лютага – гэта чорныя даты для народаў Чачні і Інгушэціі.

— 23 лютга1944 года — татальная дэпартацыя, якую сталінскі рэжым ажыццявіў у дачыненні да усяго чачэнскага і інгушскага народу. Людзей папросту цягам 2 тыдняў: старых, малых, нованароджаных, хворых, вырывалі з дамоў, выкідалі, дазвалялі ўзяць з дому 20 кілаграм багажу. У высакагорных раёнах людзе не маглі так хутка эвакуіравацца і тады хворых, старых, жанчын, дзяцей расстрэльвалі, палілі жыўцом, закапвалі ў зямлю, тапілі ў рэках. Гэта вялізная трагедыя, гэта генацыд.

Падчас прэс-туру беларускія журналісты наведалі Хельсінкскую фундацыю правоў чалавека. А таксама сустрэліся з польскімі актывістамі і валанцёрамі, якія дапамагаюць бежанцам і мігрантам з Чачні і Таджыкістана.