Толькі 5 сем’яў з 10 перасяленцаў з Украіны засталіся ў Лепельскім раёне

Пасля пачатку баявых дзеянняў шматлікія сем’і з Украіны пераехалі жыць у Беларусь. Але многія з іх вярнуліся назад, ва Украіну, некаторыя паехалі ў Расею. У Глыбоцкім раёне, да прыкладу, украінцаў амаль не засталося. Некаторыя з іх, ад’язджаючы, казалі людзям, што нават пры вайне людзі жывуць лепш ва Украіне, чым у Беларусі ў мірны час. А адна сям’я з Докшыцкага раёна на пытанне сваіх аднавяскоўцаў: «Чаму вы едзеце назад ва Украіну, у вас жа там страшна, вайна, вас могуць забіць?» – Нават адказала: «Нас там, калі і заб’юць, то бах – і адразу, а вас тут забіваюць павольна». Не ўсе ўкраінцы змаглі адаптавацца да ўмоў нашага жыцця і прайсці пэўныя цяжкасці.

Мы паразмаўлялі з тымі, хто застаўся жыць у Беларусі, і папрасілі адказаць іх на пытанні: чаму засталіся, як адаптаваліся, якія былі цяжкасці і ці збіраюцца яны вяртацца на сваю малую радзіму.

Нашы героі: Сям’я Шаўчэнкаў: маці – Святлана Шаўчэнка і яе дачушка – Марына

Святлана Шаўчэнка зараз жыве ў горадзе Лепель, прыехала з горада Сялідава Данецкай вобласці, што за 50 кіламетраў ад Данецка. Жыве ў Беларусі ўжо чацвёрты год і працуе токарам на Лепельскім малочна-кансервавым камбінаце.

Па словах Святланы, яна нарадзілася ў сям’і рабочых, таму яна і сама любіць працаваць. У яе не зусім жаночая прафесія – токар. Як кажа жанчына, у 1987-89 гадах да іх у школу прыходзіў майстар і агітаваў усіх, у тым ліку і дзяўчат, ісці вучыцца на токара, бо гэтая прафесія ў той час была запатрабаваная. Некалькі дзяўчат пайшлі вучыцца разам з хлопцамі на токара ў вучэльню. Але з дзяўчат адна Святлана скончыла вучэльню і працавала токарам у сябе на малой радзіме. Як кажа жанчына, гэтая прафесія для яе не цяжкая і ў мужчынскім калектыве ёй працаваць камфортна, прасцей, чым у жаночым.

Акрамя гэтага, Святлана любіць шыць на швейнай машынцы, майстраваць штосьці з дрэва, рамантаваць. Нядаўна жанчына нават зрабіла сабе прасавальную дошку з дрэва, бо яна каштавала на кірмашы немалыя грошы, якія выдаткаваць на той час Святлана не магла.

Падчас адпачынку Святлана нікуды не ездзіць, хіба што толькі да родных ва Украіну. Але іх там засталося няшмат, ужо памерлі бацькі і яе родны брат таксама. Ёй дапамагала гадаваць дачку Марыну яе кума. Яна ў асноўным і даглядала дзіця, калі Святлана ездзіла на ровары на працу. З Данецка аўтобусы ўжо не хадзілі, і даводзілася да працы дабірацца такім чынам. Увогуле да працы людзі дабіраліся, як маглі.

Ва Украіне Святлану на той час ужо мала, што і трымала.

Успаміны пра баявыя дзеянні

Як кажа Святлана, яна нават сабе і ўявіць не магла, што ва Украіне могуць распачацца баявыя дзеянні. Па яе словах, раптоўна панаехалі і пачалі страляць, прыемнага ў той час было мала. Яна хвалявалася за дачку, за працу. Першае, што было ў думках, – трэба бегчы. Але куды? Не было нават і куды. Трэба было ездзіць на працу, вазіць дачку ў дзіцячы садок, а тут ваенныя дзеянні: і вайскоўцы, і танкі, і іншая ваенная тэхніка, і страляніна, і залпы гармат. У той час было вельмі жудасна, бо ўсё гэта было паблізу.

Пад Лепелем таксама знаходзяцца беларускія вайсковыя часткі, Святлана таксама час ад часу чуе стрэлы. Асацыяцыі ўзнікаюць не вельмі добрыя. Але, як кажа жанчына, яна рада, што гэта ўсё ж вучэбныя стрэлы, а не ваенныя.

Пераезд у Беларусь

Пра абставіны, у якіх жыла Святлана ва Украіне, даведалася яе сяброўка дзяцінства. Яна запрасіла Святлану разам з дачкой Марынай да сябе ў Лепель пажыць у хаце бацькі і даглядаць за ім. Сяброўка прапанавала пажыць тут некаторы час, паглядзець на беларускае жыццё, а потым, калі скончацца ваенныя дзеянні, вярнуцца назад, калі яны захочуць. Але Святлана паглядзела, што ваенныя дзеянні ніяк не спыняюцца, і невядома калі скончацца, таму яна прадала сваю кватэру і паехала ў Беларусь назаўжды. У Беларусі Святлана набыла ўжо сабе сяброў. Але, як зазначае жанчына, яна аддае перавагу вузкаму колу сяброў.

Як выязджала з Украіны

Калі Святлана выязджала з Украіны, рух у Данецкай вобласці быў перакрыты не ўвесь. Яшчэ можна было выехаць. Жанчына ўзяла дачку і паехала. Перад гэтым аформіла ўсе патрэбныя дакументы. Так як Святлана адзінокая маці, ёй давялося збіраць вельмі шмат розных паперак на дачку і рабіць дакументы для выезду за мяжу.

Адаптацыя ў Беларусі

Напачатку Святлана ўладкавала дачку ў садок, потым праз месяц і сама знайшла працу. Яна і зараз удзячная былому дырэктару Лепельскага малочна-кансервага камбіната Аляксандру Міхайлоўскаму за тое, што ўзяў яе на працу.

Спачатку было вельмі цяжка ў Беларусі, асабліва з упарадкаваннем і зборам усіх патрэбных дакументаў. Святлана здавала дакументы ў міграцыйную службу і спачатку атрымала часовае пражыванне, жыла так два гады. Потым дзякуючы хадайніцтву прадпрыемства Святлана атрымала і від на жыхарства.

Інтэгравацца ў беларускае грамадства Святлане было не складана. Зараз яна жыве ў хаце бацькі сяброўкі. Жанчына ўжо набыла сабе сяброў і на прадпрыемстве. Калі дачка хварэла, прадпрыемства дапамагло ёй матэрыяльна і аплаціла аперацыю дачцэ. За гэта яна вельмі ўдзячная сваім калегам. Паводле Святланы, яна цэніць свой згуртаваны калектыў. Увогуле, як зазначае жанчына, ёй падабаецца тут жыць, бо вакол добрыя і спагадлівыя людзі.

Ды і прафесію яна не змяніла, ва Украіне працавала токарам, і тут працуе ім. Але зазначае, што ўмовы працы крыху лепшыя ў нашай краіне, чым ва Украіне. Зарабляе на камбінаце Святлана каля 500 беларускіх рублёў.

Самае складанае ў Беларусі

На думку Святланы, прыезджым заўжды цяжка, асабліва на пачатку. Для яе было самым цяжкім – пытанні па жыхарству і збор дакументаў на часовае пражыванне. Гэта ўсё патрабуе немалых фінансавых выдаткаў. Калі Святлана атрымала від на жыхарства, ёй Віцебская міграцыйная служба аказала матэрыяльную дапамогу, але яна амаль уся пайшла на плату за афармленне ўсіх патрэбных папераў для пражывання.

Застацца ці з’ехаць

Нават калі скончацца баявыя дзеянні ў яе родным горадзе Сялідава, Святлана ўжо туды не збіраецца вяртацца. Яна палюбіла гэтую Лепельскую мясцовасць і яе людзей, ды і знайшла тут значную падтрымку. Пакуль жанчына не ўсталявала кантакты са сваімі землякамі-ўкраінцамі, якія прыехалі на Лепельшчыну. Кажа, што нікога з іх не ведае, ды і не мае часу іх шукаць.

Па словах Святланы, яна амаль нічога не згубіла, і ёй жывецца лепш тут, у Беларусі.

Калі наша папярэдняя гераіня яшчэ нядрэнна ўладкавалася ў Беларусі, сям’і Лукіных з горада Алчэўск Луганскай вобласці пашанцавала менш. Святлане асабліва не было што губляць, а вось Аляксандр і Ларыса Лукіны згубілі шмат. Муж і жонка ў хуткім часе маглі б выйсці на льготную пенсію. Аляксандр адпрацаваў 23 гады ў пажарнай службе, у Ларысы таксама вялікі стаж працы на металургічным камбінаце. Дачка Даша навучалася ў студыі танца, яна страціла свой цудоўны калектыў ды шмат іншых сяброў.

У сваю чаргу, па словах сямейнай пары, калі параўнаць з тым, што яны маглі б страціць – сваё жыццё, то ніякія іншыя страты не вартыя шкадавання.

Але, як дадае Ларыса, каб не маленькія дзеці, яны б яшчэ падумалі, ці з’язджаць.

Сям’я Лукіных: Ларыса, Аляксандр, Каця і Даша (фота з асабістага архіва)

Успаміны пра баявыя дзеянні

Калі сям’я Лукіных жыла на Данбасе, у горадзе Алчэўску, аднойчы ноччу там пачаліся баявыя дзеянні. Яны доўга не раздумваючы, сабраліся і на наступны дзень з’ехалі.

За два тыдні да абстрэлаў яны адвезлі дзяцей да бабулі ў Сумы, гэты горад знаходзіцца за 500 км ад Алчэўска. У той час паблізу Алчэўска былі баявыя дзеянні, але горад пакуль не абстрэльвалі. Моцныя баі былі ў горадзе Лісічанску, які знаходзіўся ад Алчэўска за 70 кіламетраў.

Як кажа Ларыса, яны жылі ў той час “на чамаданах”, быў ужо сабраны дзіцячы партфель, куды паклалі дакументы, бо аднаўляць іх было б даволі складана. Самі жылі адзетымі і спалі паўнадзетымі, каб адразу паспець выскачыць з хаты, калі пачнуцца абстрэлы. Бо, як распавядае Ларыса, яшчэ невядома, як сябе будеш паводзіць у стрэсавай сітуацыі. Ім распавядаў кум, калі ён знаходзіўся на сваёй дачы, працаваў на агародзе, пачалі страляць з “Градаў”, потым ён нічога не памятае. А калі ачуняў, зразумеў, што знаходзіцца ў падвале. Як туды ён дабраўся, нават і не ведае, бо быў у шокавым стане.

Як кажа Аляксандр, на Данбасе горад Першамайск называюць Сталінградам, бо там няма ўжо ніводнага цэлага дома. Ён знаходзіцца прыкладна за 30 кіламетраў ад Алчэўска. Потым пачалі бамбіць зусім блізкі шахцёрскі горад Перавальск, куды з Алчэўска хадзілі тралейбусы, бо адлегласць да яго складала толькі 5 кіламетраў. Яго пачалі абстрэльваць з самалётаў. Вось тады Аляксандр і Ларыса зразумелі, што ўсё ж трэба з’язджаць. Дзяцей яны пакуль не забіралі ад бабулі, паехалі без іх. Забралі потым.

Пераезд у Беларусь

У Беларусі жыве стрыечная сястра Ларысы Лукіной, яны звязаліся з ёй і прыехалі ў Беларусь. Як кажа Ларыса, яна іх клікала ў Беларусь яшчэ да абстрэлаў, але яны сядзелі ва Украіне да апошняга, бо хто ж хоча пакідаць ужо абжытыя родныя мясціны.

Тады ўжо паказвалі па тэлебачанні абстраляныя гарады: Славянск, Краматорск, Лісічанск ды іншыя. Але яны пакуль не ехалі, чакалі, а вось калі бамбанула – сабраліся адразу. Кінуць усё было вельмі складана.

Ужо перад ад’ездам у крамах пачалі “змятаць” усё з прылаўкаў тыя, у каго былі грошы. Былі перабоі з пастаўкамі прадуктаў, гуманітарнай дапамогі на той час не было. Потым пайшлі пастаўкі з Расеі, з Украіны паставак прадуктаў, вядома, не было. “Бо хто паедзе адтуль пад абстрэл”, – кажа Аляксандр. “А зараз там прадукцыя расейская ды беларуская”, – дадае Ларыса.

Як выязджалі з Украіны

Яны ехалі праз расейскую мяжу, праз украінскую не маглі, у тым кірунку ішлі баі. У аўтамабільнай чарзе стаялі трое сутак, бо яна расцягнулася аж на сем кіламетраў. Як заўважае Ларыса, калі б яны ехалі з дзецьмі, то пераадолелі б мяжу хутчэй. Спачатку прапускалі машыны, у якіх былі дзеці. Аўтобусы, напоўненыя дзецьмі, ішлі ў першую чаргу. Таксама прапускалі без чаргі інвалідаў ды цяжка хворых. Расея ледзь паспявала апрацоўваць такі паток людзей, бо адных толькі дзяцей з гарадоў Стаханаўск і Першамайск былі дзясяткі аўтобусаў.

Як кажа Ларыса, каб ехалі з дзецьмі, перасяклі б мяжу хутчэй, але затое ў машыну пагрузілі больш рэчаў. Перавезці яны змаглі толькі тое, што змясцілася ў машыну. У асноўным пагрузілі цёплыя рэчы, бо ехалі ўзімку. Кватэру сваю кінулі ў Алчэўску замкнёнай.

Праз некаторы час да іх прыехала і маці Аляксандра. Яна адбыла год ва Украіне пасля ад’езду дзяцей, большы час жыла ў падвале шматкватэрнага дома, дзе часам нават не было нармальнай пітной вады і ежы. Яна вельмі не хацела з’язджаць з малой радзімы, але такое жыццё ў падвалах яе вымусіла. Вядома, старым людзям складана даюцца любыя пераезды, але тут іначай ужо і не магло быць, бо горад бамбілі некалькі месяцаў запар.

Па словах Аляксандра, і цяпер у горадзе Алчэўску перабоі з вадой, яе атрымліваюць жыхары толькі па гадзінах, па графіку.

Адаптацыя ў Беларусі

Сям’я Лукіных пераехала ў вёску Старое Лядна Лепельскага раёна ў жніўні 2014 года, там яны ўладкаваліся ў мясцовы калгас, цяпер ААТ “Лядна”. Ім далі калгасны дом. Аляксандр працуе жывёлаводам, Ларыса працавала лабарантам і збірала малако. Нядаўна яна вывучылася на асемянатара і днямі прыступіла да новай працы. Жартуе, што стала асемянатарам-металургам.

Аляксандр, былы супрацоўнік пажарнай службы, па спецыяльнасці працу ў Беларусі не знайшоў, бо ўзрост ужо не дазваляе ўладкавацца ў МЧС. У яго ёсць яшчэ і правы кіроўцы. Кажа, што мог бы знайсці працу кіроўцы, але тады калгас пазбавіць іх жылля.

Лукіны працуюць у калгасе за невялікія грошы, бо залежаць ад калгаснай хаты. Па словах Аляксандра, апошні заробак бруднымі ён атрымаў 268 рублёў, працуючы без выходных. Як заўважае Ларыса, былі такія месяцы, што і 100 не атрымоўвалі.

Дачка Даша цяпер вучыцца ў шостым класе. Спачатку яна не вывучала беларускую мову, але потым вырашыла разам з бацькамі яе вучыць. Зараз Даша атрымлівае добрыя адзнакі па беларускай мове і літаратуры, выдатна чытае вершы па-беларуску.

Дзяўчынка прачытла верш Алеся Ставера “Жураўлі над Палессем ляцяць”. Паслухаўшы, было зразумела, што яна, сапраўды, добра засвойвае беларускую мову. Вось толькі адзіны фрыкатыўны гук “г” яшчэ вымаўляць дакладна не атрымоўваецца. Але ўсё яшчэ наперадзе. Даша кажа, што ёй падабаецца беларуская мова, але ўкраінская – больш.

Старэйшая дачка Каця скончыла школу на Лепельшчыне, потым паступіла ў Віцебскі тэхналагічны каледж і зараз там навучаецца. Летам збіраецца паступаць далей і атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларусі.

Нядаўна Лукіны пазнаёміліся яшчэ з аднымі перасяленцамі з Украіны, выпадкова. Землякі заўважылі ўкраінскія нумары на іх машыне, падышлі да іх, такім чынам і пазнаёміліся. Як аказалася, яны прыехалі з горада Равянькі і пасяліліся ўсёй сям’ёй у Лепелі. Паводле Ларысы, гэтым перасяленцам было асталявацца тут лягчэй, іх бабуля адсюль, таму яны адразу атрымалі від на жыхарства.

У сям’і Лукіных таксама ёсць від на жыхарства, дапамог яго ім атрымаць калгас. Але і тут залежнасць: пакуль яны працуюць у калгасе – у іх ёсць від на жыхарства, як толькі сыходзяць з працы – від на жыхарства анулюецца.

Самае складанае ў Беларусі

Самым цяжкім выпрабаваннем у Беларусі для сям’і Лукіных было атрымаць першы заробак. На той час яны атрымалі па мільёну беларускіх рублёў (цяпер 100), два мільёны на дваіх. А за атрыманне спецдазволу на занятак працоўнай дзейнасцю ў Беларусі яны аддалі паўтара мільёна, заставалася толькі 500 тысяч на сям’ю з чатырох чалавек. Не ведалі, што і рабіць, як кажа Ларыса, бо працавалі без выходных з ранку да вечара і спадзяваліся на годны заробак. Але яна дзякуе сястры і яе мужу, якія дапамаглі ім на пачатку.

Як зазначае сямейная пара, мясцовыя жыхары ім казалі пра тое, што як атрымаеце заробак, будзеце плакаць. На той час яны ў гэта не верылі, бо працавалі, як у нас кажуць, ад цямна да цямна. Але як атрымалі, зразумелі сэнс гэтых слоў.

Хочацца заўважыць, што сям’я Лукіных прыстойная, непітушчая, годна выхоўвае сваіх дзяцей. І, канешне, яны спадзяваліся на больш годныя заробкі ў Беларусі. Канешне ж, яны, жывучы ў вёсцы, зараз садзяць агарод, гадуюць жывёлу, бо, па словах Аляксандра, іначай не выжывеш.

Як кажа Ларыса, цяжка было пачынаць усё з нуля ў такім узросце. З мужам яны жывуць 21-ы год, і ўсё нажытае давялося пакінуць. Гэта вельмі складана і балюча. Маладым прасцей, ім лягчэй пачаць з нуля ў любой краіне.

У Беларусі ў іх таксама знайшліся сябры, але ў Аляксандра тут з’явілася і мянушка: мясцовыя жыхары называюць яго “Саша-майдан”. І хоць Аляксандру былі недаспадобы ідэі майдана ва Украіне, на мясцовых беларусаў за мянушку ён не крыўдуе, лічыць, што разумны чалавек так называць іншага не будзе.

Застацца ці з’ехаць

Лукіны падтрымліваюць сувязь з роднымі і знаёмымі з Алчэўска. Кажуць, што зараз там няма абстрэлу, але і працы ў людзей няма: заводы стаяць, медкамбінат і хімкамбінат таксама. Вячэрнія і начныя змены адмененыя, людзі ходзяць на працу з ранку: у асноўным падмятаюць, беляць, прыбіраюць снег і г.д. Вось за гэта і атрымліваюць невялікія грошы. Многія з’ехалі на заробкі ў Расею.

Адмененыя вячэрнія і начныя змены, бо ў горадзе ўведзены каменданцкі час з 22 да 6 гадзін. Калі чалавек знаходзіцца ў гэты час на вуліцы, яго ловіць камендатура і, як раней 15-сутачніка ў савецкі час, адпраўляе на працы па ўпарадкаванні горада. 

Пакуль вяртацца ў родны горад Алчэўск Луганскай вобласці Лукіны не плануюць ды і з’язджаць з Беларусі не збіраюцца. Пакрысе і яны прыстасоўваюцца да жыцця ў Беларусі. Як кажа Ларыса, зараз яны жывуць адным днём, бо што планавалі раней, так у іх нічога і не атрымалася. “І яшчэ не вядома, што будзе заўтра”, – дадае жанчына.

Але Аляксандр на хвіліну задумваецца і кажа: можа б і вярнуўся, усё ж такі там радзіма.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя