Жонка іранца, якога высылаюць зь Беларусі, рабіла спробу суіцыду, яна ў шпіталі ў Навінках

У судзе Маскоўскага раёну Менску 15 красавіка разглядаюць скаргу на рашэньне аб высылцы ў Іран Мэхрдада Джамшыдыяна, якому на радзіме пагражае сьмяротная кара.

Мэхрдад Джамшыдыян шмат гадоў таму ўцёк з Ірану ад перасьледу з палітычных прычынаў, жыве ў Беларусі з 1993 году. Мае ў Менску сям’ю: жонку-беларуску і траіх дзяцей. Прасіў беларускага грамадзянства, але яму адмовілі.

У Іране Джамшыдыяну пагражае сьмяротнае пакараньне. З 2009 году ўлады Ірану патрабуюць ягонай выдачы, бо падазраюць у датычнасьці да забойства, што іранец адмаўляе (у час забойства яго не было ў краіне, сьцьвярджае Джамшыдыян). Апрача таго, у Іране яго чакае абвінавачаньне ў вераадступніцтве, бо ў Беларусі ён перайшоў з ісламу ў хрысьціянства, а гэта ў Іране лічыцца злачынствам.

На суд прыйшла дачка Мэхрдада Джамшыдыяна Дзіяна. Яна паведаміла карэспандэнту Свабоды, што ў красавіку сытуацыя ў іхнай сям’і стала яшчэ горшай — маці, жонка Мэхрдада, спрабавала ўчыніць суіцыд.

«Наша мама Алена цяпер ляжыць ў псыхіятрычным шпіталі ў Навінках, яна назіраецца пасьля спробы суіцыду, — расказала яна. — Яе выратавалі, але што будзе далей, ніхто ня ведае. Гэта адбылося ў пачатку красавіка. І маральных, і матэрыяльных сілаў у нас усіх сапраўды ўжо не засталося.

Раней мама перанесла анкалёгію, яна вельмі хворая, і калі тату арыштавалі, мы прасілі, каб яму далі зь ёй сустрэцца, ёй вельмі была патрэбна гэтая падтрымка. Ніводнага спатканьня не дазволілі. І на час вырашэньня пытаньня ў судзе яго маглі адпусьціць, гэта закон дазваляе, але таксама не адпусьцілі».

Суд пастанавіў адкласьці разгляд скаргі да 19 красавіка праз «неабходнасьць запрасіць дадатковую інфармацыю».

Крыніца: Радыё Свабода