Пірс 21 у Галіфаксе

Пірс 21 у Галіфаксе: канадская брама надзеі

Каля мільёна імігрантаў прайшлі праз запаветную браму Пірса 21 у канадскім Галіфаксе ў правінцыі Новая Шатландыя з 1928 да 1971 год. Гэта быў адзіны канадскі порт на Атлантычным узбярэжжы, які прымаў караблі з мігрантамі з еўрапейскага кантынента круглы год.

Першае, што бачылі мігранты, ступіўшы на канадскую зямлю з борта карабля, было вітанне на сцяне тэрмінала: “Вітаем дома ў Канадзе”.

Я стаяла на палубе і ўбачыла агні… І хачу сказаць, што гэта быў рай. Тады я паклялася сабе, што гэта будзе мая краіна”.

Джэкі Эйзэн, мігрантка з Польшчы, 1950 г.

Перад тым як накіравацца чыгункай і аўтамабільным транспартам далей углыб Канады, мігранты мусілі прайсці строгі памежны кантроль і мытны надгляд.

У выніку, частка мігрантаў з прыкметамі захворванняў накіроўвалася на карантын, частка затрымоўвалася з-за праблемаў з дакументамі або законнасцю, частка дэпартоўвалася назад у Еўропу.

Сумны лёс напаткаў пасажыраў нямецкага трансатлантычнага судна “Сент-Луіс”, якое ў 1939 годзе перавозіла амаль тысячу габрэйскіх уцекачоў на борце з Гамбурга і Шэрбура ў Паўночную Амерыку. Ані Куба, куды карабель першапачаткова накіроўваўся, ані Злучаныя Штаты, куды судна скіравалася пасля, ані Канада не дазволілі ўцекачам сысці на зямлю. Да Галіфакса “Сент-Луіс” так і не даплыў. У выніку капітан карабля Густаў Шродэр мусіў скіраваць борт назад у Еўропу, дзе большая частка пасажыраў загінула падчас Халакосту. У 2018 годзе прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо афіцыйна прынёс прабачэнні габрэйскаму народу за адмову тагачасных канадскіх уладаў прыняць уцекачоў, якім пагражала смяротная небяспека…

Тыя шчасліўчыкі, якія бесперашкодна праходзілі міграцыйны кантроль у тэрмінале Пірса 21, мусілі прад’явіць свой багаж і ручную паклажу для дбайнага мытнага кантролю.

Шмат для якіх пасажыраў было нечаканасцю даведацца, што да ўвозу ў Канаду забаранялася не толькі зброя, атрутныя рэчывы, мяса-малочныя прадукты, насенне, тытунь, садавіна і гародніна, але і алкаголь, арэхі, мука, хлеб і нават фасоля. Таксама існавала забарона на ўвоз пэўнай літаратуры спрэчнага зместу. У лік такіх забароненых кнігаў з 1933 па 1949 год уваходзіў раман Джэймса Джойса “Уліс”.

Багаж мігрантаў складаўся з разнастайных валізак, куфраў, торбаў і скрыняў. Для некаторых людзей гэта былі проста рэчы, у якіх яны перавозілі сваю маёмасць, а для іншых – сапраўдны скарб, які быў для іх на ўсё жыццё важным напамінам пра складанае і поўнае выклікаў марское падарожжа ў Канаду.

У тэрмінале Пірса 21 можна было падсілкавацца ў буфеце сэндвічам са спамам і ахаладзіцца сапраўднай кока-колай.

На выхадзе з Пірса 21 шчаслівых імігрантаў чакалі цягнікі, якія развозілі новаспечаных канадцаў у цэнтральныя і заходнія правінцыі – Антарыё, Манітобу, Альберту…

З імклівым развіццём авіяцыйнага транспарту ў 1960-х трансатлантычная марская міграцыя прыйшла ў заняпад. Апошні карабель з еўрапейскімі мігрантамі пад назвай “Новы Амстэрдам” падышоў да Пірса 21 на пачатку 1971 года.

У цяперашні час у будынку тэрмінала на Пірсе 21 адкрыты Канадскі музей іміграцыі “Пірс 21”.

ПІУ “Цэнтр падтрымкі бежанцаў” выказвае падзяку Канадскаму музею іміграцыі Pier 21” за спрыянне ў падрыхтоўцы гэтай публікацыі