Колькасць уцекачоў з Беларусі значна павялічылася ў Польшчы

Беларусы часцей за іншых замежнікаў звяртаюцца за статусам бежанца ў Польшчы. За першыя тры месяцы 2021 года на міжнародную абарону ў Польшчы падалося 720 замежнікаў. Сярод іх — 265 грамадзян Беларусі, 193 чалавекі з Расіі і 61 — з Афганістана.

Агулам колькасць замежнікаў, якія падаюцца на статус уцекача ў Польшчы, знізілася на 20 адсоткаў, але колькасць беларусаў, якія просяць аб міжнароднай абароне, расце ўжо не першы месяц, паведамляе «Польскае радыё» са спасылкай на ўпраўленне па справах замежнікаў.

Напрыклад, у 2020-м за статусам бежанца ў Польшчы звярнулася ў дзесяць разоў больш беларусаў, чым у папярэднія гады. Па дадзеных Упраўлення па справах іншаземцаў, у мінулым годзе на статус бежанца падаліся 407 чалавек. Іх колькасць рэзка павялічылася ў жніўні. З верасня кожны месяц за статусам бежанца звярталася каля 80 чалавек.

Як заявіў прадстаўнік упраўлення па справах замежнікаў Якуб Дудзяк, замежніку прадастаўляецца міжнародная абарона, калі ў краіне паходжання яму пагражае пераслед альбо рэальная рызыка страты жыцця або здароўя. Кожная заяўка разглядаецца індывідуальна, рашэнне прымаецца на працягу некалькіх месяцаў.

У цэлым, па дадзеных статыстычнай службы ЕС, у 2020 годзе за статусам бежанца ў краінах ЕС звярнуліся больш за 1100 чалавек. У асноўным гэта маладыя людзі ад 18 да 34 гадоў.

Паводле TUT.BY