Андрусь Клікуноў падчас кансультацыі ў Рэчыцэ

Рэгіянальныя кансультацыі па тэме міграцыі прайшлі ў Магілёве і Рэчыцы

Прадстаўнікі ПІУ «Цэнтру падтрымкі бежанцаў» распавялі актывістам пра сітуацыю з міграцыяй у Беларусі і асвятленні тэматыкі ў СМІ.

Кансультацыі прайшлі 23 лістапада ў Магілёве і 30 лістапада ў Рэчыцы.

Абодва мерапрыемствы змястоўна дзяліліся на дзве часткі.

Першая частка «Бежанцы ў Беларусi — мiт або рэальнасць?» была пра тое, колькі ў Беларусі бежанцаў і што азначае гэты статус, хто гэтыя людзі і з якімі праблемамі сутыкаюцца. Пра гэта распавёў намеснік дырэктара ПІУ «Цэнтр падтрымкі бежанцаў» Андрусь Клікуноў.

Другую частку «Мова варожасці ў беларускіх медыя. Як беражліва пісаць пра мігрантаў» правёў Раман Стэфаненка, спікер ГІ «Журналістаў за талерантнасць». Сп. Стэфаненка патлумачыў, навошта турбавацца з-за слова «нелегал» і чапляцца да прымаўкі «няпрошаны госць горшы за татарына», як разглядзець у тэксце мову варожасці, якія галоўныя касякі беларускіх СМІ па тэме міграцыі.

Акрамя таго эксперт прэзентаваў бясплатны сэрвіс check.j4t.by, які правярае тэксты на некарэктную лексіку, і брашуру «Язык вражды на бегемотах» ад «Журналістаў за талерантнасць».

Мерапрыемствы доўжыліся каля дзвух гадзін, бо спікерам задавалі шмат пытанняў

У Магілёве удзельнікаў было няшмат, але яны былі вельмі дасведчанымі, прадстаўлялі сферы журналістыкі, праваабарончай дзейнасці і мастацтва. Дыскусія шла пра тое, ці трэба ламаць мову ва ўгоду паліткарэктнасці, дзе мяжа? Ці заўсёды варта ўзгадваць этнонім у крымінальнай хроніке? Ці кожная вядомая асоба з’яўляецца экспертам, каб нешта аўтарытэтна прамаўляць?

На кансультацыю ў Рэчыцы завіталі мясцовыя актывісты і праваабаронцы. Гаворка ішла пра нюансы жыцця мігрантаў у Беларусі, пра розніцу паміж статусамі бежанца і часовай абароны, пра медыяпісьменнасць і агульнае паняцце мовы нянавісці. На жаль, нечакана для спікераў асобныя ўдзельнікі пачалі генераваць мову нянавісці падчас абмеркавання, даўшы астатнім наглядны прыклад з’явы.

Уваход на мерапрыемствы быў вольны пры ўмове папярэдняй рэгістрацыі. Хочаце, каб эксперты завіталі з кансультацыяй да вашай арганізацыі ці рэдакцыі? Напішыце нам.