«Многія не задумваюцца, што таксама могуць стаць бежанцамі»

У сакавіку спаўняецца два гады як праваабарончая арганізацыя Human Constanta адкрыла ў Брэсце офіс па кансультаванню замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. Прадстаўніца арганізацыі, удзельніца місіі дапамогі транзітным бежанцам у Брэсце Юліяй Мілер на прыкладзе беларускага паўднёвага горада распавяла, адкуль з’яўляюцца ў грамадстве негатыўныя стэрэатыпы пра бежанцаў, і што нам з вамі трэба зрабіць, каб сітуацыя палепшылася.

Права прытулку прызнана Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека асноватворным правам кожнага чалавека. Па звестках Human Constanta, за чатыры апошнія месяцы 2018 года з 1433 спробаў уезду мігрантаў у Польшчу з Беларусі — толькі 100 удалых. Прычым, ці прапускаць людзей праз мяжу, як правіла, аднаасобна вырашаюць супрацоўнікі памежнай службы, не маючы на гэта ніякага агульнавызначанага алгарытму. Таму часта сваімі дзеяннямі яны парушаюць міжнароднае і нацыянальнае права, абмяжоўваючы права людзей на зварот па міжнародную абарону.

Юлія Мілер

Юлія Мілер

Праваабаронца Human Constanta падкрэслівае, што людзі, шукаючы прытулак, бягуць не ад добрага жыцця:
«Трэба памятаць, што за ўсім гэтым стаіць асобная гісторыя чалавечага жыцця. Гэта можа быць цэлая сям’я, ці ўдава з двума і больш дзецьмі, у якой забілі мужа, ці самотны мужчына, які ўжо страціў сваю сям’ю, дом і цяпер бяжыць ад абвінавачванняў у тэрарызме або ўдзеле ў ваенных дзеяннях. Калі людзі вымушаныя бегчы са сваёй краіны і шукаць прытулак — у іх часцей за ўсё няма часу абдумваць, куды бегчы і што рабіць. Самае апошняе аб чым яны думаюць — ці атрымаюць статус бежанца».
Жэнеўская Канвенцыя аб статусе бежанцаў вызначыла падставы, калі асоба з’яўляецца бежанцам. Гэта асоба, якая «праз цалкам абгрунтаваныя боязі зрабіцца ахвярай пераследу па прыкмеце расы, веравызнання, грамадзянства, прыналежнасці да вызначанай сацыяльнай групы ці палітычных перакананняў знаходзіцца па-за краінай сваёй грамадзянскай прыналежнасці і не можа карыстацца абаронай гэтай краіны ці не жадае карыстацца такой абаронай з прычыны такіх боязяў; ці, не маючы вызначанага грамадзянства і знаходзячыся па-за краінай свайго ранейшага звычайнага месцажыхарства, не можа ці не жадае вярнуцца ў яе з прычыны такіх боязяў».
Канвенцыя заклікана абараніць чалавека ад небяспекі з боку ўладаў на яго радзіме. Але часта і ў краіне-прытулку крыніцай негатыву становяцца дзяржслужбоўцы. Так, аднойчы на зварот Human Constanta супрацоўніца раённага органа па грамадзянстве і міграцыі ў Брэсце адказала: «Мы разумеем, што гэтыя людзі ў бядзе, але гэта ж чачэнцы…»
Юлія Мілер мяркуе, што ў сітуацыю, у якой знаходзяцца бежанцы, можа трапіць кожны: «Большасць негатыўных стэрэатыпаў пра бежанцаў фарміруецца ў грамадстве па некалькіх прычынах: недахоп адкрытай інфармацыі, дрэнная дасведчанасць на агульным узроўні ведаў пра мігрантаў і бежанцаў. Але самая распаўсюджаная прычына крыецца ў тым, што многія папросту не задумваюцца аб тым, што ў пэўных умовах таксама могуць стаць бежанцамі».

Большасць людзей, якія едуць праз Брэст у Польшчу з мэтай атрымаць прытулак і абарону, прайшлі праз катаванні, палітычны пераслед, кроўную помсту, пагрозы. Хтосьці з іх страціў сям’ю і ўсё, што калісьці меў. Многія гісторыі перапоўненыя трагедыямі і болем.

Людзі часта не хочуць распавядаць пра сябе: баяцца, што гэта небяспечна. «Але тое, што яны маўчаць, не значыць, што з імі не адбываюцца жудасныя рэчы. Гэта не значыць, што яны бягуць ад добрага жыцця за яшчэ больш лепшым. Яны хочуць адчуваць сябе ў бяспецы, але на сваім шляху, акрамя ўсяго іншага, сутыкаюцца яшчэ і з забабонамі грамадства», — распавядае праваабаронца Юлія Мілер.

У Брэсце знаходзіцца мноства сем’яў, якія штодня робяць спробы атрымаць ці хаця б падацца на статус бежанца ў Польшчы. Але на польскай мяжы іх попрасту не пускаюць у краіну, таму ім даводзіцца вяртацца ў Брэст. Яны чакаюць наступнага дня, каб здзейсніць яшчэ і яшчэ адну спробу.

Праваабаронца Human Constanta ўзгадвае некалькі красамоўных выпадкаў з сваёй практыкі.

«За гадзіну ніхто не дапамог»

У Брэсце асноўнае дзеянне з бежанцамі адбываецца на вакзале. Таму маніторынг сітуацыі арганізацыя ажыццяўляе менавіта там. Недалёка ад вакзала «транзітныя бежанцы» здымаюць кватэры, некаторыя жывуць у хостэле. Часам сем’і вымушаныя ночыць прама на вакзале.

Каб даследаваць сітуацыю з «транзітнымі бежанцамі» у Брэсце і прадаставіць чарговую чатырохмесячную справаздачу, праваабаронцы шмат гутараць з імі і анкетуюць.

Адна з такіх сем’яў, муж з жонкай, рабіла некалькі спробаў з’ехаць у Польшчу. Пры першай гутарцы з праваабаронцамі Human Constanta яны распавядалі, што ў іх сканчаюцца грошы, і яны ўжо стаміліся ад гэтага «падвешанага» стану. Пры другой сустрэчы ў мужчыны з’явіўся сіняк пад вокам. Распавесці, што здарылася, ён адмовіўся.

Пазней праваабаронцы даведаліся, што ўвечары мужчыну збілі невядомыя. Але гэта не было рабаваннем: у яго не забралі ні грошай, ні каштоўных рэчаў.

У гэтай гісторыі ёсць важны нюанс — пасля таго, як мужчыну ўдарылі ў твар, ён каля гадзіны праляжаў на мосце ў раёне вакзала, і за гэты час яму ніхто нават не прапанаваў дапамогі. Супрацоўнікі міліцыі проста развялі рукамі і сказалі, што нічога зрабіць нельга, таму што ў тым раёне няма камер відэаназірання. Чалавека збілі, але на гэта не было ніякай рэакцыі ні з боку мінакоў, ні праваахоўных органаў. Пазней гэты мужчына сказаў, што больш тут наогул нікому не давярае, і на гэтым камунікацыя з ім абарвалася.

Гэта яскравы прыклад як наянаўсць у грамадстве негатыўных стэрэатыпаў аб бежанцах пагаршае іх і не без таго складаную сітуацыю.

«Сем гадзін, каб пакінуць краіну»

Другую гісторыю падчас яе развіцця асвятляў «Новы Час». Год таму ў Брэст з ісламскай краіны прыехала сям’я: мужчына з жонкай і двухгадовым дзіцём. Мужчына быў вымушаны бегчы са сваёй радзімы, таму што ён змяніў рэлігію, што забаронена ў яго краіне. У Беларусь яны прыехалі па міжнародную абарону. Беларускія ўлады прызналі факт пагрозы жыцця для мужчыны ў выпадку яго вяртання.

Пакуль разглядаліся паперы па наданню ім статусу бежанцаў, сям’я пражывала ў цэнтры для бежанцаў. Сям’я спрабавала інтэгравацца ў грамадства, мужчына знайшоў працу ў Брэсце.

Фота: Таццяна Свірэпа

Фота: Таццяна Свірэпа

Але напрыканцы 2018 года ім адмовілі ў статусе бежанцаў і дадатковай абароне. І гэта пры прызнаным факце пагрозы ў выпадку вяртання.

Зранку чыноўнікі паведамілі людзям, што раённы орган па грамадзянстве і міграцыі ў Брэсце ўхваліў просьбу аб падаўжэнні рэгістрацыі на месяц. А ўвечары па тэлефоне сказалі, што гэтае рашэнне скасавана. У сям’і было сем гадзін, каб сабраць рэчы і вырашыць, куды ехаць з маленькім дзіцём на руках. Пасля таго, як іх не пусцілі ва Украіну, людзі вярнуліся ў міграцыйны цэнтр у Брэсце, дзе ім дазволілі застацца. Так яны выйгралі трохі часу, каб з’ехаць у іншую бяспечную для іх краіну.

Праваабаронца не выключае, што кожны можа стаць бежанцам. Яна заклікае да салідарнасці з людзьмі, якія ўжо апынуліся ў такой сітуацыі.

«Мы не можам быць упэўнены, што ў нас на радзіме не адбудзецца нешта пагрозлівае нашай бяспецы і жыццю. Гэта можа прымусіць кожнага з нас шукаць прытулак і абарону на тэрыторыі іншых дзяржаваў. Важна разумець, што бежанцы — гэта ў першую чаргу людзі, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, а не шукальнікі «лепшага жыцця» ў Еўропе», — кажа Юлія Мілер.
#STOPHATEBY
Крыніца: Дзіяна Пінчук, Новы час