“Мама, якое мора, калі міны падаюць на галаву…” Сям’я з Украіны пра перасяленне

Да 150 тысяч перасяленцаў з Украіны прыехала ў Беларусь пасля пачатку ваеннага канфлікту ва Украіне. Пра гэта паведаміў нядаўна ў Мінску Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з украінскім палітыкам Віктарам Медведчуком. Па словах кіраўніка Беларусі, украінцам былі прадастаўленыя роўныя ўмовы і правы з беларускімі грамадзянамі.

Апошнім часам знайсці перасяленцаў з Украіны, прынамсі на Віцебшчыне, вельмі складана. Многія сем’і вярнуліся да сябе на радзіму, як толькі пачалі атрымоўваць першыя заробкі ў сяльгаспрадпрыемствах. Менавіта гэтыя прадпрыемствы прадастаўлялі перасяленцам і працу, і жыллё адначасова.

Хтосьці пераехаў у іншыя вобласці Беларусі, і толькі лічаныя сем’і жывуць цяпер на Віцебшчыне. Як, напрыклад, сям’я Шэлдуновых, якая прыехала з Макееўкі Данецкай вобласці ў самы бедны раён Беларусі, Шаркоўшчынскі, у 2014 годзе.

Толькі выкупілі кватэру, зрабілі рамонт – і прыйшлося з’ехаць”.

Сям’я Шэлдуновых раней нават і ўявіць сабе не магла, што прыйдзецца пакінуць родны горад Макееўка і нядаўна выкупленую кватэру. Яны ўжо столькі год марылі пра сваё жыллё, і вось, як усё, здавалася, наладзілася – пачаўся канфлікт ва Украіне. Да гэтай пары Ілля працаваў наладчыкам кандыцыянераў, а Святлана была эканамістам у кампаніі з абмежаванай адказнасцю.

Шэлдуновы
Шэлдуновы

Як кажуць Шэлдуновы, яны не адразу рашыліся на ад’езд, вельмі не хацелася пакідаць родны горад і ўтульную кватэру. Жылі і цярпелі ўсё тое, што адбывалася, яны да жніўня 2014 года. Толькі тады, калі пачалі бамбіць іх горад і яны пачалі чуць, як разрываюцца міны, вырашылі з’ехаць.

Мама (цешча) кажа: вазьміце грошы і з’ездзіце на мора, адпачніце. А я кажу: мама, якое мора, калі міны падаюць на галаву”, – распавядае Ілля Шэлдуноў.

Ехалі ў нікуды…”

Па словах Шэлдуновых, першыя думкі, якія ўзнікалі ў іх галовах пасля бамбёжак, былі пра тое, каб з’ехаць. З’ехаць хутчэй, ратуючы жыццё, сваё і дзяцей. На той час старэйшая дачка Алена пераходзіла ў другі клас, а малодшаму Аляксею было крыху больш за год.

Мы ехалі ў нікуды, у нас не было ні знаёмых, ні родных у Беларусі, – кажа Святлана Шэлдунова. – У нашай суседкі жыве ў Беларусі сястра, таму яна нам і параіла паехаць з ёй у Беларусь. Сказала, што там добра. І мы вырашылі ехаць з ёй”.

“Мы ехалі разам толькі да Мінска, – дадае муж Святланы, Ілля. – Потым суседка паехала да сястры ў Гомельскую вобласць, а мы засталіся ў Мінску, каб наведаць міграцыйную службу і даведацца пра ўсе нюансы, якія датычаць украінскіх перасяленцаў.

Памятаю той дзень, калі мы прыехалі. Быў дождж, холадна, а я стаю ў шортах, адкрытых тапках і трымаю калыску”.

Напачатку сям’я зняла ў Мінску кватэру, грошай хапіла толькі на тры дні. Але, як кажа Святлана, ім трапіўся добры гаспадар, які дазволіў пажыць яшчэ чацвёртыя суткі.

Мы статус бежанца не даём”

Па прыездзе ў сталіцу Беларусі сям’я Шэлдуновых пайшла ў міграцыйную службу. Як кажа Святлана, ім адразу сказалі, што статус бежанца яны не даюць. Параілі самім знайсці працу з прадастаўленнем жылля, каб потым атрымаць від на жыхарства.

Не ведалі напачатку, што гэта такое “статус бежанца”. А ў міграцыйнай службе нам растлумачылі і сказалі, што ў Беларусі статус бежанца не тое што не паложаны, але яго атрымаць цяжка. Там распавялі, што за ўсе папярэднія гады “статус бежанца” атрымалі адзінкі, таму ў нашым становішчы адзінае выйсце – шукаць працу. Нам сказалі, што толькі тры месяцы мы можам знаходзіцца ў краіне як госці, і ўсё. А за гэты час нам параілі шукаць тут працу з прадастаўленнем жылля, калі мы хочам застацца ў Беларусі. Што мы і зрабілі”, – кажа Ілля.

Шукалі – і знайшлі, праўда, не ведаем, на якую галаву”…

Пачалі шукаць працу Шэлдуновы па абвестках, якія былі на сайце mintrud.gov.by. Гэты сайт параілі ім у міграцыйнай службе.

Як кажа Святлана, тэлефанавалі па ўсіх прапановах, жыллё ў асноўным прапаноўвалі толькі калгасы. І першым, куды датэлефанаваліся, было сяльгаспрадпрыемства “Жвіранка”, якое знаходзіцца ў вёсцы Більдзюгі Шаркоўшчынскага раёна. На той час яго дырэктарам быў Сяргей Чапроўскі. Ён сказаў, каб прыязджалі, ім дадуць і працу, і жыллё.

Тады мы нават і не ведалі, што едзем у самы бедны раён Беларусі. Нам распавялі, што побач знаходзіцца цудоўны курортны горад Браслаў. Нас гэта зацікавіла. Канешне, калі мы сюды прыехалі, у мяне быў лёгкі шок”, – кажа Святлана.

Як дадаюць Шэлдуновы, у міграцыйнай службе ім яшчэ сказалі: “Пакуль вы працуеце ў калгасе, жывяце спакойна ў Беларусі. Як толькі звальняецеся з калгаса, – няма больш падстаў на вашае знаходжанне ў краіне”.

Яшчэ іх папярэдзілі, што Беларусь – прававая дзяржава. Таму тры парушэнні закона, у тым ліку нават штраф за адсутнасць флікера, даюць магчымасць іх дэпартаваць.

Праца ў калгасе і першае беларускае сэлфі

Цяпер Ілля працуе ў сяльгаспрадпрыемстве “Жвіранка” інжынерам па працаёмкіх працэсах. Як кажа Ілля Шэлдуноў, ён нават раней і не чуў пра такую спецыяльнасць, “працаёмкія працэсы”, якую мясцовыя беларусы апісваюць у двух словах (як кажа Ілля, гэтыя словы не для СМІ). Але ўсяму прыйшлося навучыцца, і нават працаваць за некалькіх чалавек.

Да таго яму яшчэ давялося атрымаць правы трактарыста ды стаць зваршчыкам. Як кажа Ілля, у калгасе не хапае рабочых рук. А калі ён пазбавіцца гэтай працы, нават за некалькі вымоваў, згубіць жыллё яго сям’я. Тады трэба будзе шукаць выйсце з сітуацыі, каб не трапіць пад дэпартацыю.

Святлана хацела знайсці працу па сваёй спецыяльнасці (эканаміст) і пайшла ўладкоўвацца спачатку ў “кантору” – так называюць будынак-кантору на вёсцы, дзе працуе кіруючы склад сяльгаспрадпрыемства. Але там жанчыне сказалі, што няма месцаў, што і так трэба скарачаць сваіх. Сезон яна адпрацавала ў сталовай, а потым давялося вучыцца на лабаранта. Цяпер Святлана ў дэкрэтным адпачынку.

Канешне, узровень жыцця сям’і, у параўнанні з украінскім, упаў. Па словах Шэлдуновых, грошай хапае толькі на ежу. Але, як зазначаюць яны, беларусы вельмі спагадлівыя і добрыя людзі. Напачатку іх прыезду сюды мясцовыя жыхары шмат чым дапамаглі.

Шэлдуновы прыехалі ў Більдзюгі толькі з трыма сумкамі, іх пасялілі ў дом, дзе не было ніякай мэблі. Усю мэблю, хоць і старэнькую, ім прынеслі мясцовыя людзі. Таксама напачатку дапамагалі і з прадуктамі, і з грашыма.

Ілля і яго дачка Алена Шэлдуновы
Ілля і яго дачка Алена

Прыязджалі да іх нават валанцёры з Мінска. Яны прывезлі шмат рэчаў, прадуктаў і электрычны чайнік. З імі Святлана пазнаёмілася праз інтэрнэт і распавяла пра сваю бяду. Яна сама, калі была ў роспачы, знайшла суполку ў сацыяльных сетках, якая дапамагае бежанцам і перасяленцам, і потым напісала ім.

Як заўважае Святлана, напачатку яна, сапраўды, была ў лёгкім шоку і шмат плакала. Нават і не ведала, як пачынаць тут, у вёсцы, усё з нуля, прыехаўшы са шматтысячнага горада. Яна ўсё жыццё жыла ў кватэры, не мела агарода, а карову бачыла толькі на малюнку.

Таму першае сэлфі, якое захацела зрабіць Святлана ў Більдзюгах, было на ферме з каровамі”, – дадае з усмешкай яе муж Ілля.

Як кажуць Шэлдуновы, трыццаць працэнтаў ад заробку мужа ідзе на краму, там на гэтыя грошы трэба выбраць розныя харчовыя прадукты. Астатняе выплочваюць наяўнымі. Заробак мужа ў сяльгаспрадпрыемстве “Жвіранка” складае ад 300 да крыху больш за 500 рублёў у залежнасці ад сезону і выкананай працы.

Паводле Шэлдуновых, тут нават няма ніякай падпрацоўкі, у адрозненне ад Украіны, жывеш толькі з заробку. Яны таксама, як і беларусы, чакаюць, калі ўсё ж будуць заробкі па пяцьсот умоўных адзінак, абяцаных раней кіраўніком Беларусі.

Хатніх жывёлаў сям’я не трымае, у іх ёсць толькі трынаццаць курэй. На агародзе саджаюць няшмат гародніны, каб толькі было з чаго зварыць боршч. Ненармаваная праца ў калгасе так стамляе гаспадара, што фізічных сілаў на асабістую гаспадарку амаль не застаецца.

Любімы прадмет – беларуская мова

Старэйшыя з сям’я Шэлдуновых прыехалі ў Беларусь па пашпартах. Дзяцей жа прапусцілі па пасведчаннях аб нараджэнні. Але ў міграцыйнай службе цяпер ім кажуць, каб рабілі пашпарты і дзецям. Выязджалі ва Украіну і рабілі там, а таксама праз пасольства Украіны.

Дзеці, пяцігадовы Аляксей і дванаццацігадовая Алена, ужо прызвычаіліся да Беларусі. У іх з’явіліся новыя сябры і сяброўкі. А самы малодшы, Міхаіл, якому два месяцы, нарадзіўся ўжо тут.

І хоць старэйшыя Шэлдуновы – творчыя людзі, але сваім гонарам яны лічаць дзетак. Дачка Алена, цяпер навучэнка 6 класа, у мінулым годзе заняла першае месца ў раёне ў алімпіядзе па беларускай мове і ў рэспубліканскім конкурсе “Буслік”. Па словах бацькоў, дзяўчынка так добра не ведае ўкраінскай мовы, як выдатна валодае беларускай. Алена нават называе любімым прадметам у школе менавіта беларускую мову.

Цяпер праўды ніхто не ведае”

Так кажа Ілля Шэлдуноў пра прычыну пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне і іх працяг. Хто ў гэтым вінаваты, Шэлдуновым да канца і не зразумела. Адной з прычынаў канфлікту, на іх думку, было прыняцце Закона аб мовах. Перасяленцы таксама паверылі ў тое, што расейская мова будзе забароненая і прыйдзецца размаўляць толькі па-украінску. А яны ўсё жыццё пражылі ў той мясцовасці Украіны, дзе большасць размаўляла па-расейску.

Самі не разумеем, што гэта за вайна такая. Гэта не так, як у часы Вялікай Айчыннай вайны: вось гэта немцы, а вось рускія. А тут, дамовіліся – не страляюць, не дамовіліся – страляюць. Невядома, адкуль гэтыя міны ляцяць. Адныя кажуць – абстралялі рускія, іншыя – украінцы. Зараз усе мабільныя. Прыехалі, выставілі мінамёты, пастралялі і – з’ехалі, а людзям гора…”

Вернемся на радзіму, калі там перастануць страляць”

Усе ўкраінскія сем’і, якія жылі ў Більдзюгах і працавалі ў мясцовым сяльгаспрадпрыемстве, ужо з’ехалі. Засталася толькі адна сям’я Шэлдуновых. Па словах Шэлдуновых, самаму маленькаму сыночку Міхаілу трэба крыху падрасці, таму тут, у Беларусі, яны плануюць яшчэ папрацаваць і пажыць.

Але іх цягне на радзіму, як і ўсіх людзей, якія жывуць у далечыні ад яе. Амаль кожны дзень яны размаўляюць са сваімі роднымі па скайпе, тыя клічуць іх назад.

Раней у Шэлдуновых ужо была думка вярнуцца. Але калі Святлана два гады таму з’ездзіла на радзіму і патрапіла пад абстрэл, ідучы ў лякарню, думкі пра вяртанне развеяліся.

У той час тры дні запар днём і ноччу вёўся бесперапынны абстрэл Макееўкі. Святлана сядзела ў калідоры бацькоўскай кватэры, надзетая, з абразом у руках і малілася. А яе бацька спакойна каментаваў, якія ляцяць міны і ў чый бок. Такім чынам ён стараўся супакоіць дачку. Пасля гэтага Святлана зразумела, што вернецца дадому з сям’ёй толькі ў тым выпадку, калі там перастануць страляць.

Толькі вось, прызнаюцца Шэлдуновы, яны не вераць, што ў хуткім часе скончацца баявыя дзеянні ў іх роднай Макееўцы.

Тэкст і фота: Таццяна Смоткіна для Refugee.by