Ліст, які не дайшоў, вырашыў лёс сям’і. З Эстоніі назад у Беларусь

У Эстонію Марыя Юрык з Глыбоцкага раёна з’ехала ў 1968 годзе, на заробкі. Уладкавалася на швейную фабрыку, выйшла замуж за эстонца, нарадзіла сына і спакойна б жыла там, у горадзе Валга, да сканчэння веку. Але падзеі 1991 года, калі адбыўся жнівеньскі путч, сталі для яе нагодай разам з сям’ёй вяртацца назад, у Беларусь. Марыя і яе муж Міхаіл спужаліся, што будзе вайна ды прыцясненне рускамоўных.

Як мянялася ўлада пасля путча

Марыя Юрык вельмі добра памятае тыя дні, калі ў Эстоніі змянілася ўлада і краіна набыла незалежнасць. У самы разгар тых жнівеньскіх падзеяў яна разам са сваімі калегамі была на працы. На фабрыцы ў той час працавалі і эстонцы, і рускія, і беларусы. Было некалькі брыгад, узначальвалі іх майстры – рускія або эстонцы па нацыянальнасці.

Якраз у дні путча наш інжынер была ў Таліне. Потым прыехала і сказала: “Жах, што робіцца ў Таліне! Танкі едуць па горадзе!”. А пасля заходзіць яна разам з дырэктарам у цэх і кажа: “Хто за вольную і незалежную Эстонію – просьба адключыць канвеер на дзве гадзіны”, – кажа Марыя Юрык.

У брыгадзе, дзе працавала Марыя, майстрам была эстонка, таму яны канвеер адключылі. Але не ўсе падпарадкаваліся. Брыгады, якія ўзначальвалі рускія майстры, працягвалі працаваць. Як зазначае Марыя Юрык, пасля абвяшчэння незалежнасці Эстоніі, усіх майстроў, хто не падпарадкаваўся, звольнілі.

Так у Эстоніі знікла савецкая ўлада. Потым зрабілі так званую “празрыстую мяжу”, а цягам часу адбылася і дэмаркацыя мяжы.

Па словах жанчыны, у той напружаны час якраз служыў у войску яе сын Леанід. Калі Эстонія падпісала дакументы аб незалежнасці, усіх вайскоўцаў тэрміновай службы, якіх прызывалі яшчэ савецкія ўлады, адклікалі.

Бацькам сказалі, каб пераслалі сваім сынам цывільную вопратку. Вайскоўцы павінны былі вяртацца ў ёй на грамадскім транспарце з розных куткоў былога Савецкага саюза. Іх павінны былі суправаджаць вышэйшыя вайсковыя начальнікі, таксама ў цывільным. Усё рабілася ў мэтах бяспекі.

Калі сын Леанід па вяртанні з войска пайшоў у ваенны камісарыят, каб адзначыцца з ваенным білетам, там яму параілі яго выкінуць. Змянілася ўлада, адпаведна змянілася кіраўніцтва, працаўнікі ды ідэалогія.

Але эстонцы далі яму 200 рублёў, якія складалі на той час два вялікія заробкі. Такую суму атрымаў кожны салдат, які вярнуўся ў Эстонію, так званыя пад’ёмныя.

Мадэрнізацыя за два дні і змены да лепшага

На швейнай фабрыцы Марыя Юрык напачатку шэсць месяцаў асвойвала новую справу і працавала вучаніцай. Спярша атрымала трэці разрад, потым паступова падвышала свой узровень майстэрства. Там, на адным месцы, і адпрацавала 25 год.

Раней на фабрыцы шылі вопратку, дзіцячыя цацкі ды розныя прадметы шырокага спажывання. Пасля падзення савецкай улады, амаль за два дні, як кажа жанчына, прыехалі шведы і поўнасцю мадэрнізавалі цахі. Памянялі ленту канвеера, яна стала хадзіць уверсе, замянілі старыя швейныя машыны на новыя ды скарацілі ўсю кантору. У будынку канторы паставілі два камп’ютары, якія абслугоўвалі ўсю фабрыку, таксама зрабілі пакой пад назвай “МММ”.

Пры шведах рабочыя пачалі ўжо шыць уцепленыя камбінезоны. Змяніўся і сам працэс працы. Падчас савецкай улады за швачкамі штодзённа назіралі майстар і брыгадзір – хадзілі па цахах і прымушалі людзей працаваць, каб тыя выканалі план.

Як кажа Марыя, у шведаў быў іншы парадак:

“Ніхто над табой стаяць не будзе, хочаш – працуй дрэнна, або хочаш – зусім не працуй. Але, калі ты план не выканаў, ты шмат недапалучыш грошай. Таму калі хочаш мець добры заробак – будзеш старацца працаваць. Ад плана залежыла ўсё”.

Калі людзі прыходзілі на працу, на іх швейных машынках ляжала папера, як тыя выканалі план. І калі план выкананы – надрукаваны смайлік, калі не – сумны твар. Кожны дзень кожнаму працаўніку выдавалі ведамасць за дзень, а потым і за месяц. Там друкаваліся звесткі пра выкананую працу, план і заробак. Такая ж ведамасць друкавалася і агулам для ўсяго цэха.

Вось як можна было працаваць, захацеўшы. Бачыце, як яны працуюць за мяжой. Паўсюль парадак і арганізаванасць”, – кажа Марыя Юрык.

Кабінет “МММ” на фабрыцы патрэбны быў для таго, каб высвятляць нейкія недарэчнасці ў працы ці памылкі ў паперах. Туды хадзілі, калі ў ведамасці нешта не сышлося, напрыклад, нумары прадукцыі. Рэакцыя была імгненнай – усе памылкі знаходзілі хутка і выпраўлялі.

Заробкі ў людзей на фабрыцы значна выраслі. Марыі стала падабацца новая сістэма працы, і яна пачала задумвацца, каб вярнуць назад сваю сям’ю. І кіраўніцтва фабрыкі ёй прапанавала застацца, сказала, што яны могуць заплаціць зноў яе сям’і за дарогу і за перавозку кантэйнераў з рэчамі назад у Эстонію. (На той час сям’я Марыі была ўжо з’ехаўшы ў Беларусь. Марыя засталася прадаваць дом і працавала яшчэ ў Эстоніі нейкі час).

Марыя вырашыла напісаць ліст мужу Міхаілу ў Беларусь. Але адказу яна ніякага не атрымала, і тады яна прыняла рашэнне ўсё ж вярнуцца на радзіму. Як аказалася потым, ліст ніхто не атрымаў, ён проста да іх не дайшоў. На якім этапе перасылкі ён згубіўся – і да гэтай пары невядома.

Як з’язджалі з Эстоніі

Напачатку Марыя Юрык адправіла ў Беларусь да сваіх бацькоў мужа з сынам. Яна аддала ім апошнія грошы, а сама вырашыла крыху папрацаваць, каб зарабіць сабе грошы на дарогу. Да таго ж трэба было прадаць яшчэ паўдома, у якім яны жылі.

Калі Міхаіл з Леанідам з’язджалі, адразу пасля падзеяў путча, ім ніякіх грошай на дарогу не далі. А калі пазней, пасля продажу дома, з’язджала Марыя, эстонцы ёй выплацілі так званыя “пад’ёмныя”, якія на той час складалі 200 даляраў. Таксама яны аплацілі ёй дарогу да Менска і заплацілі за перавозку кантэйнераў з рэчамі.

Але перад ад’ездам яе папрасілі прыйсці ў Парламент, напісаць тлумачальную паперу пра ад’езд з указаннем прычыны. Марыя не стала распісваць шмат, яна напісала, што едзе ў Беларусь, бо хварэюць бацькі.

Адразу дом Марыя не прадала, паехала ў Беларусь да сям’і, там перазімавала. А потым паехала ў Эстонію зноў прадаваць сваіх паўдома. Яго купіла яе калега з фабрыкі, быў абмен на дзве машыны, адна нават з прычэпам, і грошы. На грошы яна купіла рознага адзення і цукру. З усім гэтым яна і з’ехала ў Беларусь.

Жыццё ў Беларусі

Так як Юрыкам яшчэ дапамагаў перавозіцца ў беларускую вёску Ракаўцы Глыбоцкага раёна мясцовы калгас, Міхаіл і Леанід былі вымушаныя пайсці туды на працу. Марыя ў калгас не пайшла. Яна толькі час ад часу хадзіла палоць і ўбіраць, як яна кажа, “дзялкі” – палі, на якіх саджалі буракі ды іншую гародніну. Таксама дапамагала падымаць лён. Бо толькі ў такім выпадку калгас даваў людзям участкі для кашэння травы жывёлам. А ў сям’і Юрыкаў была свая вялікая гаспадарка, якую і даглядала Марыя.

У хуткім часе пасля пераезду памёр Міхаіл, у 48 год. Як кажа жанчына, у маладосці эстонец падымаў штангу і расцягнуў сабе вены, былі частыя кравацёкі. Памёр ён ад трамбозу.

Пажыўшы яшчэ крыху ў вёсцы, Марыя з сынам пераехала ў Глыбокае. Там яны жывуць і да гэтай пары.

Пра беларускую і эстонскую пенсію

На пенсію Марыя Юрык пайшла ў 2000 годзе. У Беларусі яна атрымала яе раней, чым змагла б гэта зрабіць у Эстоніі.

А ў мінулым годзе прыйшла радасная навіна ад пляменніцы з Эстоніі. Яна скінула па скайпе сыну Леаніду інфамацыю пра тое, што эстонцы будуць выплочваць пенсіі па ўсім свеце. Але, канешне, не ўсім, хто раней працаваў у гэтай краіне.

Раней эстонскую пенсію атрымоўвалі толькі тыя, хто пастаянна жыў на тэрыторыі Эстоніі. Цяпер атрымаць яе могуць людзі з розных краін, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту і раней працавалі ў Эстоніі больш за 15 год. Марыя ўваходзіла ў гэтую катэгорыю.

Сабраць дакументы на атрыманне эстонскай пенсіі ёй дапамог сын Леанід.

Даведка: Для таго, каб атрымаць эстонскую пенсію, якая складае ў сярэднім 400 еўра, неабавязкова ехаць у Эстонію. Патрэбныя дакументы (заява на атрыманне пенсіі і дакументы, якія пацвярджаюць стаж працы) можна даслаць у Дэпартамент сацыяльнага страхавання па пошце. Акрамя таго, Эстонія прапаноўвае пенсіянерам права выбару выплаты пенсіі: штомесячна, раз у квартал або раз у паўгады.

Ці ёсць сум па Эстоніі?

Асаблівага суму, як кажа Марыя Юрык, няма, бо ў Беларусі яна жыве ўжо амаль 20 год. Тут ажаніўся яе сын, ёсць унучка. Хіба што сумуе па тых парадках, якія там пануюць на працы, у медычных ды іншых установах.

Як кажа Марыя, там у паліклініках і лякарнях няма ніколі ніякіх вялікіх чэргаў. Людзі прыходзяць на той час, які пазначаны ў талоне. Там няма такога, як у Беларусі, што лекар кагосьці па знаёмстве без чаргі прыме, тым больш няма такіх нахабных кліентаў, якія дазваляюць сабе напралом ісці у кабінет да лекара па-за чаргой.

Дарэчы, цяпер у Эстоніі адзін з самых нізкіх паказчыкаў карупцыі ў свеце. Да пераваг эканомікі Эстоніі адносіцца таксама сістэма электроннага рэгулявання ўзаемаадносін паміж гаспадарчымі суб’ектамі і дзяржавай, спрошчаная юрыдычная сістэма ў сферы малога і сярэдняга бізнесу.

Паводле Марыі, моладзь там “разбэшчаная на вялікія грошы”, стараецца з’ехаць у іншыя краіны на заробкі, дзе больш плацяць. Напрыклад, у Фінляндыю ці Швецыю. Але, як зазначае жанчына, і ў Эстоніі людзі нядрэнна зарабляюць. Дачка яе пляменніцы, напрыклад, якая працуе фельчарам на “хуткай дапамозе” ў Тарту, зарабляе 1600 еўра.

У Эстоніі недарагія кватэры. А вось прыватны дом каштуе шмат. Дому, у якім жыла ся’мя Юрык у г. Валга, было на той час каля сто год, цяпер яго прадае жанчына амаль за 30 тысяч еўра. Насельніцтва Валгі складае каля 12,5 тысяч жыхароў. Горад ушчыльную прымыкае да латвійскага горада Валка, складаючы з ім, па сутнасці, адзіны горад.

У Эстоніі засталося шмат радні. Калі ехаць туды ў госці, трэба везці шмат падарункаў”, – кажа Марыя Юрык.

Нядаўна яна ездзіла да сястры ў госці пасля доўгай разлукі. Сястра была ўжо цяжка хворай. Але лёс ім усё ж наканаваў сустрэцца менавіта напярэдадні смерці сястры. Пасля прыезду Марыі яна сканала праз тры дні.

Канешне, на старасці гадоў Марыя не збіраецца пераязджаць у Эстонію. Яна спадзяецца на тое, што ёй яшчэ давядзецца паехаць туды ў госці. А цяпер напамінам пра гэтую цікавую, прыгожую і развітую краіну для Марыі Юрык будзе штомесячная эстонская пенсія, якая большая за беларускую ўдвая.

Тэкст: Таццяна Смоткіна для Refugee.by. Фота Леаніда Юрыка