“Вяртацца мы не збіраемся”. Уцекачы з Данбаса пра пяць гадоў жыцця ў Беларусі

Фота на вокладцы: Казусёнкі пасля пераезду ў Беларусь у 2014 годзе. Фота Марыны Маўчанавай

Ратуючыся ад вайны, сям’я Казусёнкаў з Шахцёрска Данецкай вобласці ў ліпені 2014 года прыехала ў вёску пад Бабруйскам. Ва Ўкраіне ў іх засталіся дом, родныя, сябры. Што знайшлі на новым месцы, якія цяжкасці давялося пераадолець, а якія яшчэ наперадзе – пра гэта была наша размова з сужэнствам.

Паехалі з трыма валізкамі. Пакінулі там дом….”

Амаль каля дому пачалі страляць, – так пяць гадоў таму распавядала Вольга Казусёнак пра дзень ад’езду з Украіны. – Мы і раней чулі, што страляюць, але далёка, не надавалі гэтаму значэння, не верылася, што да нас дойдзе. А ў той дзень мы пайшлі з дачкой на базар, але ў выніку нічога там не купілі, толькі валізкі для рэчаў, і хутчэй да дому беглі, бо проста за базарам ужо стралялі. Паехалі з трыма валізкамі. Пакінулі там дом…”.

Куды ўцякаць ад бамбёжак, пытання не стаяла. Адразу вырашылі ехаць у Беларусь, бо гэта – сапраўдная радзіма Сяргея Казусёнка. Ён нарадзіўся ў 1974 годзе ў вёсцы Баранавічы недалёка ад Бабруйска. Калі яму быў толькі адзін годзік, бацькі ў пошуках лепшага жыцця паехалі працаваць на Поўнач Савецкага Саюза. У 1976 годзе бацьку прапанавалі працу ў шахце ў Шахцёрску Данецкай вобласці. Так сям’я і трапіла ва Ўкраіну. У шахце бацька Сяргея і загінуў. Маці зноў вырашыла ехаць на Поўнач. У Данецкую вобласць наш суразмоўца вярнуўся ўжо пасля сканчэння школы, вучыцца ў ПТВ.

Новае звычайнае, спакойнае жыццё

У Беларусі Казусёнкі ўладкаваліся ў вёсцы Масты ў 20 кіламетрах ад Бабруйска. Сяргей пайшоў працаваць у калгас, які выдзяліў сям’і жытло – стары дом яшчэ з фонду тых, што будаваліся для перасяленцаў з забруджаных пасля Чарнобыльскай катастрофы тэрыторый.

Дом, які выдзяліў Казусёнкам калгас
Дом, які выдзяліў Казусёнкам калгас

Аўтаэлектрык, проста электрык… даілкі, лядоўні, трактары, сеялкі, адным словам усё там рабіў, што звязанае з электрычнасцю”, – узгадвае Сяргей пра сваю працу ў калгасе.

Крыху больш, чым праз год мужчына перайшоў на пасаду галоўнага энэргетыка. Прапрацаваў яшчэ два месяцы, і сышоў. Вырашыў, што трэба перабірацца ў горад. Уладкаваўся ў “Гаргаз” слесарам па рамонту і абслугоўванню газавага абсталявання, дзе працуе ўжо тры гады.

Вольга Казусёнак працуе ў буйным гандлёвым цэнтры Бабруйска.

Старэйшая дачка скончыла школу яшчэ ў Мастах, цяпер яна – адміністратар у гасцініцы ў Бабруйску. Сын вучыцца ў школе.

Сяргей кажа, што ў цэлым цяперашняя сітуацыя яго задавальняе. “Звычайнае спакойнае жыццё”, – кажа наш суразмоўца.

Ёсць праца, заробак, дзеці вучацца, у лядоўні мыш не вісіць, – працягвае Сяргей. – Канешне, зоркі з неба не хапаем. Але гэта нармальнае, сярэдняе жыццё чалавека. Лепш, чым там, адкуль мы прыехалі, калі параўноваць”.

Мы нікуды не сышлі, бачыце, мы – страляем”

Першай перавагай жыцця ў Беларусі ў параўнанні з саманазванай Данецкай рэспублікай, Сяргей называе тое, што ягоны сын атрымае адукацыю, якая будзе прызнавацца, у адрозненні ад атэстата школы ДНР.

Там жа цяпер трэба ехаць у Расею і здаваць экзамены, каб атрымаць легітымны атэстат. А тут адразу на месцы добрая адукацыя”, – тлумачыць мужчына.

А вось што для сям’і ўцекачоў ў Бабруйску адназначна горш, чым было дома, дык гэта адсутнасць уласнага жытла. Зараз Казусёнкі здымаюць кватэру ў адным з новых мікрараёнаў Бабруйска. Сяргей зазначае, што ім пашчасціла і арэнда абыходзіцца даволі танна ў параўнанні з сярэднімі коштамі на рынку.

Што сталася з родным домам у Шахцёрску, сям’я не ведае.

Мо, ужо расцягалі яго на будаўнічыя матэрыялы”, – мяркуе Сяргей. І дадае, што прадаваць яго не было сэнсу, бо калі б долараў сто атрымалі, ужо было б добра. Нерухомасць там зараз ніхто не набывае, хоць сітуацыя стала спакайнейшай, чым пяць гадоў таму. Але, кажа Сяргей, сваякі распавядаюць , што яшчэ “пастрэльваюць недзе на ўскрайку”, “не даюць забыць – мы тут побач, мы нікуды не сышлі, бачыце, мы страляем”.

Чужбіна ё чужбіна”

Я не зацыкліваюся на тым, што ў мяне засталося ў Шахцёрску, – кажа Сяргей. – Сумую па сябрах, але мы звязваемся праз інтэрнэт. Агулам я такі чалавек, што моцна не гружуся гэтым. Пакуль у мяне ёсць рукі, б’ецца сэрца, буду працаваць, дзейнічаць, шукаць лепшага”.

У Шахцёрску цяпер давялося б сядзець на юшцы з хлебам, кажа мужчына. Заробкі ў Шахцёрску меньш за дзвесце долараў. У шахце – трыста.

Вольга больш сумуе па дому. “Там сваё, роднае….”, – кажа жанчына.

Казусёнкі падтрымліваюць сувязі з іншымі ўкраінцамі, якія прыехалі з Данбаса ў Бабруйск. У вёсцы жыве Сяргееў кум, таксама з Шахцёрска. Ёсць і іншыя сем’і. Час ад часу яны сустракаюцца. У асноўным людзі добра адаптаваліся, распавядае Сяргей. Але быў выпадак дэпартацыі. З-за чаго – падрабязнасцяў Сяргей не ведае. Яшчэ адна сям’я, якая пасялілся таксама ў вёсцы пад Бабруйскам, вярнулася назад сама, бо “чужбіна ё чужбіна”.

Беларусы – нармальныя, простыя людзі”

Вяртацца ў Шахцёрск сям’я не збіраецца. Планы на бліжэйшыя гады – атрымаць грамадзянства і набыць уласнае жытло. Каб займець беларускі пашпарт, Сяргею трэба пачакаць яшчэ два гады. А потым, спадзяецца мужчына, можна будзе ўзяць крэдыт на кватэру ці дом. На пачатку Сяргей спадзяваўся, што атрымае грамадзянства хутка, бо мае пасведчанне аб нараджэнні на Бабруйшчыне. Але разам з тым ён не можа прадставіць “выпіскі з пашпартнага стала Шахцёрска”, бо ўсе яны будуць з пячаткамі ДНР, якія не прызнаюцца. Таму трэба чакаць, пакуль скончацца сем гадоў жыцця ў Беларусі.

Вольга і Сяргей Казусёнкі
Вольга і Сяргей Казусёнкі

Некуды з’язджаць з Беларусі Казусёнкі не плануюць. Сяргей кажа, што бачыць, што ўкраінцы масава едуць працаваць у Еўропу, ды і беларусы таксама. Але сам ён не імкнецца. Меў такі досвед яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя – працаваў у Чэхіі. Але зараз наш суразмоўца хоча проста пажыць дома.

Не хачу я месяцамі сям’ю не бачыць, – кажа Сяргей. – У мяне зараз ёсць кусок хлеба і масла, я хачу проста спакойнага жыцця”.

Тым больш што дзецям у Беларусі падабаецца, дадае мужчына. Сын у школе і беларускую мову вывучае. Кажучы пра мову, Сяргей Казусёнак сцвярджае, што ў горадзе яе не чуў, а вось у вёсках “яшчэ говар беларускі, так”.

Пра беларусаў Сяргей кажа, што цяжка вызначыць агульныя рысы народа: “Кожны – па-свойму чалавек, з нечым сваім – характарам, якасцямі”. Але пра тых, з кім давялося сутыкнуцца на Бабруйшчыне, уцякач адгукаецца добра: “Нармальныя, простыя людзі”.

Чым часцей лезеш у палітыку, тым больш па шапцы атрымаеш”

Пра палітыку, ды пра тое, хто нясе адказнасць за тое, што яны засталіся без дома, што сталіся ўцекачамі, Сяргей з Вольгай стараюцца не разважаць. На пытанне – дык хто ж вінаваты – адназначанага адказу не маюць. Яшчэ пяць гадоў таму сужонкі казалі: “Гэта ўсё гульні ўладаў, з абодвух бакоў, а церпім мы, звычайныя людзі”.

У палітыку я не вельмі–та і хачу лезці, – кажа Сяргей. – Бо чым часцей лезеш у палітыку, тым больше табе па шапцы надаюць”.

Дакладна гэтыя людзі разумеюць адно – яны не хочуць вайны, не хочуць, каб побач з іх домам стралялі.

Сяргей не імкнецца займаць нічый бок у канфлікце, ён хоча, каб было спакойна, свабодна, хапала заробку на годнае жыцё, і каб не было межаў паміж краінамі і народамі.

Гэта балюча, што нас падзялілі, штучна падзялілі народ, зрабілі ворагаў з братоў…”, – дадае мужчына.

Тэкст і фота: Марына Маўчанава для Refugee.by